У цэнтры Гомеля ўсталёўваюць помнік рускаму фельдмаршалу Івану Паскевічу, які захапіў Азербайджан, душыў нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1830−1831 гадоў і ўдзельнічаў у агрэсіі супраць Венгрыі. Але шмат у чым дзякуючы гэтаму чалавеку і яго нашчадкам Гомель з правінцыйнага населенага пункта ператварыўся ў адзін з найбуйнейшых гарадоў Беларусі. Расказваем, як так атрымалася.
З вёскі — у еўрапейскае мястэчка
У нашай краіне шэсць абласных цэнтраў, аднак, бадай, да сярэдзіны XIX стагоддзя беларусы назвалі б толькі пяць з іх. У Вялікім Княстве Літоўскім цэнтрамі ваяводстваў (аналагічнай тэрытарыяльнай адзінкі) былі, сярод іншых, Мінск, Брэст і Віцебск. Аналагічны статус перад знікненнем Рэчы Паспалітай атрымаў і Гродна (зрэшты, ён і раней быў рэзідэнцыяй караля Стэфана Баторыя, а яшчэ там праводзіўся кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай). Нарэшце, Магілёў стаў цэнтрам губерні ўжо ў часы Расійскай імперыі.
І толькі Гомель ніколі не меў такога статусу: стагоддзямі гэты населены пункт быў звычайнай невялікай памежнай крэпасцю. Мяняцца ён пачаў толькі ў 1730-я за гомельскім старастам Міхалам Чартарыйскім. На месцы старой крэпасці ўзвялі драўляны замак.
Лёс Гомеля змяніла расійская анексія: у 1772-м адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай, пасля якога да імперыі адышлі ўсходнія землі Беларусі. Імператрыца Кацярына II запатрабавала ад мясцовай шляхты прысягнуць ёй на вернасць. Багатыя людзі (у тым ліку Чартарыйскі) пайшлі на прынцып і адмовіліся. Амаль усе іх уладанні (як прыватныя, так і дзяржаўныя, якія яны кантралявалі) Кацярына раздала сваім фаварытам і набліжаным. Так, Грыгорыю Пацёмкіну дастаўся Крычаў, Сямёну Зорычу — Шклоў, Аляксандру Сувораву (праз два дзесяцігоддзі) — Кобрын. Гомель у 1775-м падаравалі военачальніку Пятру Румянцаву, які паспяхова кіраваў рускай арміяй падчас вайны з Турцыяй.
Тады ў будучым беларускім абласным цэнтры жылі 1889 чалавек. Параўноўваць гэтую лічбу з насельніцтвам сучасных гарадоў некарэктна, бо ў той час у гарадах увогуле жыло няшмат людзей, 82% жыхароў ВКЛ складалі сяляне. Напрыклад, у 1790-х гадах у Віленскім павеце — цяпер бы сказалі, раёне — жыло крыху менш за 106 тысяч чалавек, з іх толькі 17,5 тысячы прыпадала на Вільню, а гэты горад стагоддзямі быў сталіцай ВКЛ. Так што Гомель з пункту гледжання насельніцтва быў у дзевяць разоў меншы за Вільню. Але значна важнейшы адміністрацыйны статус, а яго горад над Сожам не меў — і таму быў абсалютнай правінцыяй.
Кацярына II заахвочвала сваіх саноўнікаў да стварэння ў атрыманых маёнтках палацава-паркавых ансамбляў, імкнучыся распаўсюдзіць у краі імперскія культурныя традыцыі. Яна дала Румянцаву грошы на будаўніцтва рэзідэнцыі, а таксама падаравала калекцыю карцін і іншых прадметаў мастацтва. Замак Чартарыйскага знеслі, на яго месцы пачалося будаўніцтва галоўнага палацавага корпуса, якое завяршылася ў пачатку 1790-х — менавіта ён цяпер вядомы як палац Румянцавых-Паскевічаў. У праектаванні комплексу, імаверна, удзельнічаў вядомы рускі дойлід Іван Староў — адзін са стваральнікаў Аляксандра-Неўскай лаўры, Таўрычаскага палаца і Казанскага сабора ў Пецярбургу.
На гэтым этапе Гомель яшчэ нічым не вылучаўся сярод іншых гарадоў-«канкурэнтаў». Кожны з яго ўладальнікаў будаваў сваю сядзібу. У Шклове яна не захавалася да нашых дзён, у Крычаве і Кобрыне ёсць і сёння (цяпер там музеі). Аднак хутка з’явілася сур’ёзнае адрозненне: для нашчадкаў Зорыча, Пацёмкіна і Суворава гэтыя гарады не сталі асноўнымі рэзідэнцыямі, яны не развівалі іх. А вось Гомелю пашанцавала. Калі Пётр Румянцаў памёр (паспеўшы яшчэ дапамагчы Сувораву ў здушэнні вызваленчага паўстання 1794 года), яго спадчыннікам стаў сын Мікалай Румянцаў — высокапастаўлены чыноўнік, будучы міністр замежных справаў Расійскай імперыі. Ён лічыў Гомель сваёй галоўнай рэзідэнцыяй і ператварыў яго з адносна невялікай вёскі ў еўрапейскае мястэчка, у цэнтры якога будаваліся ўжо не драўляныя, а каменныя будынкі. Выпісаны з Англіі архітэктар Джон Кларк скончыў палац, а таксама ў 1809−1824 гадах узвёў побач праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор у стылі ампір.
Перад тым як Гомель стаў уладаннем Пятра Румянцава, ён быў цэнтрам павета. Але военачальнік, які не хацеў узгадняць свае дзеянні з мясцовай адміністрацыяй, дамогся, каб цэнтр павета перанеслі спачатку ў блізкую вёску Беліца, а потым і ў пабудаваную спецыяльна для гэтага Новую Беліцу. Гомель жа стаў прыватным уладаннем, а паводле статусу — мястэчкам (прамежкавы стан паміж горадам і вёскай).
Такім чынам, за першымі «прышлымі» ўладальнікамі Гомель зрабіў важны крок у развіцці, але заставаўся толькі іх добраўпарадкаванай рэзідэнцыяй (напрыклад, Мікалай Румянцаў збіраў там калекцыю з твораў мастацтва і прыватную бібліятэку). Не менш, але пакуль і не больш.
Шаша — тэлеграф — чыгунка
У 1826 годзе Мікалай Румянцаў памёр, не пакінуўшы дзяцей. Гомель перайшоў да яго брата Сяргея. «Блестящий вельможа времен Екатерины, человек отменного ума, большой образованности, любознатель по всем отраслям науки, был до глубокой старости подвержен этой страсти (гульні ў карты. — Заўв. рэд.), которой предавался, так сказать, запоем. Он запирался иногда дома на несколько дней с игроками, проигрывал им баснословные суммы и переставал играть впредь до нового запоя», — успамінаў пра яго літаратар Пётр Вяземскі.
Магчыма, менавіта картачныя даўгі змусілі Румянцава ўжо ў 1828-м закласці Гомель у Дзяржаўны пазыковы банк, а ў 1834-м перадаць яго ўладам. З дазволу імператара Мікалая I горад набыў фельдмаршал Іван Паскевіч, пад кіраўніцтвам якога рускія войскі раней захапілі Паўднёвы Каўказ і Азербайджан, здушылі вызваленчае паўстанне 1830−1831 гадоў на землях Рэчы Паспалітай, а пазней і рэвалюцыю ў Венгрыі. Атрымаўшы тытул князя Варшаўскага і стаўшы імператарскім намеснікам у Царстве Польскім, Паскевіч для сваёй галоўнай рэзідэнцыі выбраў якраз Гомельскі палац.
За часамі новага ўладальніка асноўны корпус практычна не чапалі, а вось бакавыя флігелі рэканструявалі. Парк быў перапланаваны і значна пашыраны. Прычым улетку, у чацвяргі і нядзелі з пятай да дзявятай гадзіны вечара, яго пачалі адкрываць для ўсіх ахвотных — праўда, за плату. У пачатку ХХ стагоддзя ўваход каштаваў 12 капеек (сярэдні заробак рабочага тады складаў 50 капеек — 1 рубель за дзень). Але гэта ўсё роўна быў важны крок — уладальнікі Гомеля пачалі ўзаемадзейнічаць з гараджанамі, хай і з іх самай заможнай часткай.
Стала развівацца і эканоміка Гомеля. Там дзейнічаў завод па вырабе свечак, шкляная мануфактура, дзве ткацкія фабрыкі, у 1839-м быў створаны цукровы завод і г. д. У 1850 годзе праз Гомель праклалі шашу Пецярбург — Кіеў і першую ў імперыі тэлеграфную лінію Пецярбург — Севастопаль. Гэты маршрут выбралі на знак асаблівай прыхільнасці імператара да Паскевіча. У 1852-м Гомель з ініцыятывы свайго ўладальніка зноў атрымаў статус горада і павятовага цэнтра. Праз два гады да яго далучылі Новую Беліцу (цяпер там Навабеліцкі раён горада). На той час у Гомелі было дзесяць тысяч жыхароў.
У 1856 годзе Іван Паскевіч памёр, яго спадчыннікам стаў адзіны сын Фёдар Паскевіч. Разам з жонкай Ірынай ён валодаў гомельскім маёнткам, які ўключаў у сябе палову горада, а таксама больш чым 90 маёнткаў, фальваркаў, хутароў і лецішчаў ў наваколлі. Зіму сужэнцы бавілі ў Пецярбургу, а ранняй вясной прыязджалі ў Гомель.
У тым самым годзе Расійская імперыя канчаткова прайграла Крымскую вайну, што змусіла ўлады мяняць свае падыходы. Скасаванне прыгоннага права, судовая, адукацыйная і іншыя рэформы — хай і непаслядоўныя — спрыялі развіццю прамысловасці. Раслі і гарады, дзе яна канцэнтравалася. У 1864 годзе насельніцтва Гомеля склала ўжо 17 тысяч.
У 1873-м праз Гомель, як і праз Мінск, прайшла Лібава-Роменская чыгунка, якая злучыла тэрыторыі цяперашніх краін Балтыі з Украінай (Лібава — латвійскі горад Ліепая, Ромны — горад ва Украіне). Праз 15 гадоў праз горад над Сожам правялі і Палескія чыгункі (на ўсход ад Гомеля палатно ішло да расійскага Бранска, на захад рэйкі вялі ў Вільню, Беласток і ў напрамку Брэста). Горад стаў чыгуначным вузлом, што дало новы штуршок развіццю прамысловасці і гандлю. Пачалося добраўпарадкаванне. У 1872-м на вуліцах з’явіліся газавыя ліхтары (у Мінску іх так і не паставілі, перайшоўшы ад спіртавых і аліўных адразу да газавых, а потым — да электрычных). Пасля 1879-га забрукавалі цэнтральныя вуліцы (у Мінску гэты працэс пачаўся яшчэ ў 1830-х).
Дапусцім, што, калі б шашу і тэлеграф першапачаткова правялі іншым маршрутам, туды ж пайшла б і чыгунка. Гомель мог чакаць той самы лёс, што і іншыя падобныя населеныя пункты, накшталт Турава і Навагрудка, якія засталіся ўбаку ад новага віду транспарту і ў выніку спыніліся ў сваім развіцці. Да таго ж, калі б Паскевіч тады, за часамі Мікалая I, не пралабіяваў перанос павятовага цэнтра ў Гомель, пазней гэтага магло б і не адбыцца, бо ўжо за наступным уладаром, Аляксандрам II, сямейства не было ў такой ласцы. Так што, хоць Іван Паскевіч і быў заваёўнікам на службе імперыі і жорстка душыў паўстанні, прынамсі Гомелю ён прынёс карысць — менавіта яго дзеянні заклалі перадумовы для наступнага росквіту горада.
За 16 гадоў — рост насельніцтва ў тры разы
Зразумела, рост Гомеля тлумачыўся не толькі палітыкай Паскевічаў. Сваю ролю адыгралі і жыхары. У Расійскай імперыі існавала так званая мяжа яўрэйскай аседласці — тэрыторыя, дзе маглі сяліцца прадстаўнікі гэтай нацыянальнасці, па-за асноўнымі расійскімі тэрыторыямі. Беларусь знаходзілася ў гэтай мяжы, таму ў многіх беларускіх гарадах яўрэі складалі большасць насельніцтва (на вёсцы ім жыць забаранялася). У Гомелі, паводле перапісу 1897 года, жыло 36,8 тысячы чалавек, з іх 54% былі яўрэямі, якія займаліся гандлем і прыцягвалі грошы ў гарадскі бюджэт. Да мясцовых у пачатку 1890-х дадаліся прыезджыя, калі імператар Аляксандр III прымусіў яўрэяў пакінуць Пецярбург і Маскву. Многія адтуль перабраліся ў Гомель, скупіўшы ўчасткі ў цэнтры горада і забудаваўшы яго двух-трохпавярховымі каменнымі будынкамі — даходнымі дамамі, дзе здаваліся ў арэнду жылыя памяшканні.
Так што яўрэі былі неад’емнай і актыўнай часткай гарадскога жыцця. Калі ў 1903 годзе ў Гомелі здарыўся пагром, яўрэйская самаабарона аказала супраціў дэбашырам.
Але пераўтварэнням спрыяла і Ірына Паскевіч, якая пасля смерці мужа Фёдара ў 1903-м засталася адзінай уладальніцай гомельскага маёнтка (дзяцей у пары не было). Княгіня ўваходзіла ў дзясятку самых багатых людзей дарэвалюцыйнай Беларусі, і сур’ёзны капітал дазваляў ёй займацца дабрачыннасцю. Яе «калегі», багатыя дваране, звычайна не канцэнтравалі капіталаў у адным горадзе, а таму іх дапамога рассейвалася па розных месцах. Паскевіч жа ў першую чаргу дапамагала менавіта сваёй вотчыне — Гомелю:
- ахвяравала грошы на працу жаночага вучылішча, фабрычнай бальніцы, бальніцы для бедных маці і сірот;
- удзельнічала ў фінансаванні будаўніцтва водаправода, мужчынскай гімназіі, духоўнага вучылішча, прытулку для састарэлых жанчын і «начлежкі», гінекалагічнай бальніцы, радзільні земскай бальніцы;
- заснавала прытулак для малагадовых дзяўчат і Гомельскае таварыства дапамогі навучэнцам;
- фінансава дапамагала асобным настаўнікам, а таксама дапамагала аплочваць асвятленне і ацяпленне навучальных установаў, кнігі і навучальныя дапаможнікі;
- бясплатна давала паперу выдаўцам гомельскіх газет са сваёй Добрушскай фабрыкі і г. д.
Гэтыя ўкладанні падштурхоўвалі эканамічны рост Гомеля. У 1913-м у горадзе ўжо жыло 104,5 тысячы чалавек — утрая больш, чым усяго 16 гадоў таму. Мінску для аналагічнага скачка насельніцтва спатрэбілася сорак гадоў. У Гомелі з’явіўся шэраг прадпрыемстваў — швейная фабрыка, ліцейна-механічны і чыгуналіцейны заводы і іншыя, пачалося паравое суднаходства на Сожы, адкрыўся Гомельскі сялянскі банк.
У 1917 годзе здарылася рэвалюцыя. Імперыя абрынулася. Спачатку да ўлады прыйшоў Часовы ўрад, потым бальшавікі. Ірына Паскевіч спрабавала адстаяць палац і нават першапачаткова заручылася падтрымкай наркама (міністра) асветы Анатоля Луначарскага, аднак у наступным годзе комплекс усё ж нацыяналізавалі. 83-гадовая княгіня пражыла апошнія гады ў доме свайго кухара непадалёк ад палаца і памерла ў 1925-м, на дзевяностым годзе жыцця, ад запалення лёгкіх.
Аднак галоўнае Паскевічы для Гомеля зрабіць паспелі. У 1919-м, калі цяпер ужо буйны і развіты горад далучылі да Расіі, яго адразу зрабілі цэнтрам губерні. У 1926 годзе Гомель вярнулі Беларусі, дзе ён стаў цэнтрам акругі, а потым і вобласці. Цяпер жа гэта другі па велічыні горад краіны, дзе жыве амаль 500 000 чалавек.
Чытайце таксама

