Многія прызвычаіліся глядзець на класікаў беларускай літаратуры праз прызму школьнай праграмы. А яна, на жаль, звычайна абмяжоўваецца агульнымі фразамі пра «талент» і «славутыя творы» ды кароткімі звесткамі з біяграфій. Без вялікай зацікаўленасці зразумець, чаму менавіта гэтых людзей лічаць знакавымі асобамі для нашай культуры, складана. «Люстэрка» выпраўляе гэта ў праекце «Пазакласнае чытанне». У ім мы па пунктах тлумачым, чаму той ці іншы пісьменнік варты вашай увагі, і даказваем, што беларускае можна любіць не толькі за тое, што яно сваё, а яшчэ і за тое, што гэта сапраўды крута. Мы ўжо расказвалі пра Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа, Максіма Багдановіча і Васіля Быкава, Янку Купалу і Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага і Кузьму Чорнага, Максіма Танка і Міхася Стральцова, Янку Брыля і Алеся Разанава, Янку Маўра і Рыгора Барадуліна, а таксама Змітрака Бядулю. Герой гэтага тэксту — Уладзімір Дубоўка.
1. Стаў літаратурным лідарам 1920-х і «кіраваў» з-за мяжы
Літаратура не спорт, паняцце «лідар» у ёй даволі ўмоўнае, але ёсць асобы, якія вызначылі развіццё літаратурнага працэсу. У 1920-я такім чалавекам быў Уладзімір Дубоўка. Іронія ў тым, што збольшага рабіў ён гэта з Масквы, дзе яму давялося працаваць.
Дубоўка нарадзіўся на тэрыторыі сучаснага Пастаўскага раёна. Доўгія гады лічылася, што ў 1900-м, пакуль яго не амаладзілі на год, знайшоўшы метрычныя кнігі. У 1915-м, калі ішла Першая сусветная вайна, настаўніцкую семінарыю, дзе ён вучыўся, эвакуявалі на ўсход. Пасля атрымання дыплому Уладзімір працаваў настаўнікам, служыў у Чырвонай арміі, а ў 1921-м паступіў у толькі што адкрыты ў Маскве Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут, які стварыў і ўзначаліў выбітны расійскі паэт-сімваліст Валерый Брусаў. Паралельна Дубоўка працаваў у Крамлі адказным сакратаром прадстаўніцтва Беларусі пры савецкім урадзе, а таксама рэдактарам афіцыйных выданняў, у якіх па-беларуску друкаваліся законы, прынятыя ў Маскве.
Такім чынам, стала ў Беларусі Дубоўка пасля Першай сусветнай ужо не жыў — ці не адзіны з айчынных класікаў ХХ стагоддзя. Але часта бываў наездамі ў Мінску і стаў неадрыўнай часткай беларускага культурнага жыцця.
У 1923-м пры яго чынным удзеле было заснавана літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». Дубоўка рэгулярна выступаў на з’ездах гэтай арганізацыі, на паседжаннях яе шматлікіх рэгіянальных філій, выказваў пазіцыю яе кіруючага органа — Цэнтральнага бюро. Але гэта была ўсё ж не столькі літаратурная, колькі грамадска-палітычная, культурна-асветніцкая суполка. Пісьменнікаў, якія ставілі перад сабой сур’ёзныя творчыя мэты, гэта не задавальняла, таму ў 1926-м частка літаратараў выйшла з «Маладняка» і стварыла «Узвышша». Дубоўка быў у кіраўніцтве і стаў яго фактычным лідарам.
Сябры гэтага аб’яднання рабілі стаўку на дасканаласць мастацкай формы. Узорам, на які яны арыентаваліся, была «паэзія чыстай красы» тады ўжо памерлага Максіма Багдановіча.
Паляжам мы, і вецер нашы косці
паточыць, пылам над лясамі разнясе.
А ўсё ж ткі мы шукаем прыгажосці,
штодзённа кленчым мы сваёй красе.Яны ў гаях, крыніцах гаманлівых,
у шуме-гомане лясных азёр,
у моры збожжа на палетках-нівах;
красой уквечаны увесь прастор…Фрагмент верша У. Дубоўкі «Паляжам мы», 1925
Выбітная рыса паэзіі Дубоўкі — дасканалая, жывая, інтэлігентная і вытанчаная беларуская мова, аўтар валодаў ёю віртуозна і ва ўсёй паўнаце.
Журавінамі плача восень,
апавіўся тугою абшар.
Я не ведаю, можа, здалося, —
надзвычайна баліць душа.Апавіўся тугою абшар,
а верасень сэрца нявечыць.
Надзвычайна баліць душа,
быццам цісне цяжар адвечны.А верасень сэрца калечыць
пальцамі жоўтых кляновых лістоў.
Той цяжар непазбыўны адвечны
галаву схіляе на дол.1923
«Пра мову Уладзіміра Дубоўкі, асабліва ранняга, трэба пісаць асобнае даследаванне. <…> Яна ўвабрала ў сябе і сівярок (сівер — рэзкі паўночны вецер. — Заўв. рэд.), і мерную спякоту, і азёрнасць», — пісаў Рыгор Барадулін. Паэт сапраўды надзвычай тонка перадаваў прыроду.
Пальцы жоўтых кляновых лістоў
мкнуцца восень схапіць за шыю.
Не парушаць яе хараство,
не парушаць лісты залатыя.Клён у вокны забразгатаў,
адгукнулася каняю рэха.
Месяц рваў арэхі з куста,
раскідаў над сусветам арэхі.Яны ў воўне блакітнай ляглі,
сумавала ў даліне ляшчына.
Летуценні не змерклі ў галлі,
летуценняў згасіць немагчыма.Расцярушацца ў далі і ўвысь,
каб нагадваць аб светлым над чорным.
Ці таму, што сумуюць журавы,
ненасытна свіргочуць жорны?..Ліставея не моўкне, шуміць
ад вясны да вясны на прасторах.
Поверх стрэх і муроў камяніц
я пабачыў яе учора…Дзесь далёка галосіць сава,
небакрай апракінуўся жалем.
Людзі любяць душу прасаваць,
калі гэта душа чужая.1925
Хрэстаматыйным і адначасова прарочым стаў верш Дубоўкі 1925 года, у якім згадваўся чарнобыль, то бок трава палын. Тады гэтае слова не мела дадатковага сэнсу, але праз 61 год стала сімвалам катастрофы — аварыі на АЭС, пасля якой радыяцыяй «зарасла» палова Беларусі.
О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
чарнобылем не зарасцеш.Пялёсткамі тваімі стану,
на дзіды сэрца накалю.
Тваіх вачэй, пад колер сталі,
праменне яснае люблю.Ніколі пройме з дзікім ветрам
не развіваць дзявочых кос.
Імкнешся да Камуны Свету,
каб радасць красавала скрозь.Варожасць шляху не зачыніць:
у перашкодах дух расце.
О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
Акрамя таго, «зялёны ліст, чырвоны цвет» сёння чытаецца як адсылка да савецкага і сучаснага дзяржаўнага сцяга, але тады, у 1925-м, гэтага сцяга не існавала — ён з’явіцца толькі ў 1951-м. У выніку наслаення гэтых сэнсаў, а таксама брутальнай вобразнасці і лексікі «дзіды сэрца, колер сталі, пройма з дзікім ветрам, варожасць, перашкоды» верш, які нібыта пісаўся пра светлую (савецкую) будучыню краіны, гучыць даволі злавесна. Магчыма, гэта не было выпадковасцю, бо ўвогуле для гэтага паэта характэрная тонка прадуманая вобразнасць.
2. Рэфармаваў беларускую паэзію, прыдумаў новыя словы і літары
«Я толькі Дзяржавін; ты — Пушкін», — сказаў Янка Купала пры першай сустрэчы з Уладзімірам Дубоўкам. Гаворка была пра расійскіх класікаў, другі з якіх прыйшоў на змену першаму. Менавіта Дубоўка, маладзейшы за Купалу амаль на 20 гадоў, мог змяніць яго на паэтычным троне. Аднак жыццё, зламанае рэпрэсіямі, склалася іначай. Тым не менш за дзесяцігоддзе (ад першай публікацыі ў 1921-м да арышту ў 1930-м) Уладзімір паспеў надзвычай шмат.
Па-першае, Дубоўка абнавіў жанравыя формы і ўскладніў іх. Сярод яго спадчыны — вершы з заўвагамі, прадмовы ў вершах і прозе, лірычная споведзь, дыялогі-спрэчкі паміж аўтарам і чытачом, паміж самімі героямі (лірык і матэматык у паэме «I пурпуровых ветразей узвівы», пасажыр і кандуктар у паэме «Штурмуйце будучыні аванпосты!», абедзве 1929 года). Вось, напрыклад, як выглядаў верш з заўвагамі. Паэт піша:
Ізноў шумяць і шастаюць кляновыя лісты
над галавою,
далавах.
Павевы невыказнае асенняй пекнаты
прынеслі радасць з непакоем,
у адцвітанні маладое.
Кляновыя лісты ізноў трымаю я ў руках.
Пасля слова «у руках» — зноска, як у навуковых даследаваннях. Толькі тут — паэтычная. Унізе старонкі чытаем:
Калісьці… Так пачаць заўвагу
пра сэнс лістоў кляновых варта.
У гэтым слове браў адвагу
для паступовасці упартай.
Калісьці — слова дарагое!
Як многа згадвае «калісьці»!
Жыццё мінулае, другое
шуканні сонечнага выйсця…
Акрамя таго, Дубоўка стаяў ля вытокаў стварэння беларускай камбінаванай паэмы, для якой уласцівыя аб’яднанні розных стыляў і жанраў. У паэме «Камбайн», адной з апошніх перад рэпрэсіямі і вымушаным маўчаннем, ён увёў у структуру фальклор (казкі, легенды), нататкі, лісты, пераклады класічных твораў (напрыклад, Пушкіна і Байрана), што было неўласціва строгаму канону паэмы. Гэтая характарыстыка ўласцівая і двум згаданым паэмам («I пурпуровых ветразей узвівы», «Штурмуйце будучыні аванпосты!») — разам яны, на думку даследчыкаў, утвараюць своеасаблівую трылогію. Агулам ён узбагаціў беларускую літаратуру рысамі мадэрну і авангарду, якія арганічна спалучаліся з класічнымі традыцыямі, якія былі закладзены папярэднікамі.
Па-другое, Дубоўка карыстаўся беларускай мовай са свабодай мастака і ўмеласцю майстра, які працуе дакладным, вельмі чулым інструментам. Ён увёў у карыстанне багата словаў. Некаторыя прыдумаў сам: «летуценне», «адлюстроўваць», «ажыццяўленне», «мэтазгодна», «мілагучны», «дабрабыт», «цемрашал». Некаторыя ўзяў з дыялектаў — і праз яго творы яны прыжыліся ў літаратурнай мове: «апантаны», «наканаваны», «нелюдзь», «пройма», «петраць», «агораць», «ашчаперыць», «водар», «дойлід», «збочыць», «знічка», «імклівасць», «непрыдатны», «талака». Большасць і не падазрае, што гэтыя яскравыя, але такія звыклыя беларускія словы не былі з намі заўсёды і іх сённяшняя роля — заслуга канкрэтнага чалавека.
Па-трэцяе, у 1928-м Дубоўка стварыў новыя літары замест «дз» і «дж» (на выяве вышэй) — яны выкарыстоўваліся ў нумарах часопіса «Узвышша». Аргументы былі наступныя: «Гэтыя літары з’яўляюцца эканомнымі ў друку, лёгкімі для ўспрымання, а сама ідэя іх стварэння не выклікала супярэчнасцяў ні з чыйго боку». Аднак падчас рэпрэсій выданне адмовілася ад гэтых навацый. Таксама паэт прапаноўваў увесці літару ϊ для перадачы спалучэння й + і (ϊхні, ϊм, ручаїна), а рускую літару ё па той жа логіцы — яна абазначае гукі й + о — замяніць на ö (öн, цöплы, вöска).
3. Стаў выбітным лірычным паэтам
Выбітныя лірычныя паэты вядомыя не толькі творамі, але і імёнамі асобаў, якім яны іх прысвяцілі. У Пятраркі была Лаўра, у Дантэ — Беатрычэ. Імя Янкі Купалы асацыюецца з Паўлінай Мядзёлкай, хоць цяжка сказаць, колькі ў фактах, прыведзеных у яе мемуарах, праўды, а колькі фантазіі. На думку даследчыцы Ганны Севярынец, сапраўднага лірычнага паэта з Дубоўкі зрабіла каханне да Настассі Маркавай — Налі, як ён яе называў.
Цягнiк cпяшaўcя, caкaтaў мapкoтнa,
цягнiк cyмлeннa мepaў кiлaмeтpы.
Ha ўзгopкy, бaчылi yce пpaз вoкны,
кaлiнa кpacaвaлa белым цвeтaм.
Haвoдля дзeўчынa ў кyжэльныx шaтax
мaю дapoгy шчacцeм вышыць выйшлa.
I пaд шaтpoм, зялёным i бaxмaтым,
зacтылa ў млявacцi нa ўзвышшы.
I xapacтвo icтoтy aгapнyлa,
кaлiнa бeлaя… нявecтa мaлaдaя…
Пpaз вoкaмгнeннe з гoмaнaм i гyлaм
дaлeчыня aд вoч яe cxaвaлa…
I cкapдзiццa нямa кaмy, ды дзe тaм:
цягнiк iмкнyўcя ў нeбacxiл, y дaлi.
Kaлiнa кpacaвaлa бeлым цвeтaм,
каліну звалі тую: Наля… Наля…1926
«Вядома, не Лаўра і не Беатрычэ. Дваццатае стагоддзе — зусім іншыя сюжэты. Дубоўка і Наля сустрэліся ў 1925-м, і гэтая прыгожая гісторыя кахання працягвалася нешта каля года», — расказвала Ганна Севярынец, маючы на ўвазе ў тым ліку тое, што італьянскія паэты ўслаўлялі сваіх каханых дзесяцігоддзямі. У 1926-м Наля з’ехала ў Ленінград. Дубоўка доўга не забываў яе, хоць у ягоным жыцці з’явілася іншая муза.
Ёю была Марыя Кляўс, з якой паэт ажаніўся ў 1928 годзе. Як і Наля, Марыя стала сімвалам дубоўкаўскай паэзіі — іншыя рамантычныя захапленні ў яго калі і былі, дык імёнаў не захавалася. Вобраз жонкі радзей сустракаецца ў вершах Уладзіміра, чым вобраз Налі, што не дзіўна: шчаслівае каханне куды менш натхняе на лірычныя шэдэўры, чым нешчаслівае, з горыччу расстання.
Калі вусны шапталі — не трэба! —
дык у вачах свяцілася — любы, імкніся…
І ў вачах было вечна палкае мора і неба:
у нязмерных глыбінях нязмерныя высі.А калі паспляталіся сцені,
зоры ў небе і моры вянком завіліся.
Над зямлёю тады летуценні жылі ў летуценнях:
у нязмерных глыбінях нязмерныя высі.І ў той час, што не знае падобных,
ў захапленні і месяц на хмарах спыніўся.
Векавечныя тайны ў адзін знітаваліся подых:
у нязмерных глыбінях нязмерныя высі.А калі рассыпаліся зоры,
што звіваліся ў небе і моры калісьці,
даляведныя вочы праменілі шчасце і гордасць:
у нязмерных глыбінях нязмерныя высі.1926
Але менавіта з Марыяй Уладзімір пражыў усё далейшае жыццё (яна перажыла яго на чатыры гады, памершы ў 1980-м). Марыя адправілася з ім у высылку, падтрымлівала з ім сувязь, калі ён быў у лагеры, паехала з ім на вечнае пасяленне ў Сібір. Нарадзіла яму адзінага сына — адразу ў год шлюбу. Таго назвалі Альгердам. Хаця Дубоўка прызнаваўся ў асабістым лісце сябру Адаму Бабарэку, што падумваў пра імя «Наль».
З былой каханай Уладзімір больш ніколі не сустракаўся. Перапрацоўваючы ў 1960-х свае раннія творы для «Выбранага», ён прыбраў імя Налі з верша, які цытаваўся вышэй. Апошні радок «Каліну звалі тую: Наля… Наля…» цяпер гучаў: «Пялёсткі следам ціха абляталі». У 1970-м Наля ўбачыла ў краме кнігу Дубоўкі і напісала яму ліст. Але той толькі даслаў зборнікі паэзіі, якія яна прасіла, і не стаў падтрымліваць кантакт.
4. Пратэставаў супраць дыктатуры і ні на каго не даў паказанні
Цягам 1920-х у БССР яшчэ праводзілася палітыка беларусізацыі (пашырэнне сферы ўжывання роднай мовы, прасоўванне нацыянальных кадраў і г. д.). Але рэспубліка знаходзілася пад поўным кантролем Масквы, там не спяшаліся вяртаць Беларусі анэксаваныя ўсходнія тэрыторыі. У 1926-м у Вільні ў адным з часопісаў быў апублікаваны верш пад назвай «На ўшанаванне новага падзелу беларускай зямлі». Замест імя аўтара быў толькі невядомы псеўданім — Янка Крывічанін. У вершы былі такія радкі:
На нашым карку торг спраўляе смела
Масква з Варшавай, з Рыгай і Літвой,
І наша змучанае катам цела
Штогодна новай кроіцца мяжой.
Масква сусвету вушы прашумела
Пра самавызначэнне аж да зор.
Смаленск дзе? Невель? Гомель дзе падзела?
Стварыла гомельскі ганебны калідор.
Усе тры гарады тады былі адышлі Расіі. Гомель вярнулі Беларусі ў тым жа годзе, а Смаленск з Невелем так і засталіся па другі бок мяжы.
Савецкія спецслужбы пачалі шукаць аўтара і высветлілі, што верш надрукаваны на пішучай машынцы, у якой была надломленая літара «р». Такая ж належала пастаяннаму прадстаўніцтву БССР у Маскве, дзе і працаваў Дубоўка. Гэта было яго не адзінае палітычнае выказванне.
Ты ўважаеш, што культура ходзіць
у портках ката слаўнае Камуны
Парыскае, у портках Галіфэ?<…>
Не веру я у гэткія акрасы:
я ненавіджу іх, змагацца буду!
Гэта цытата з паэмы «І пурпуровых ветразей узвівы». Пазней, ужо пасля ГУЛАГу, знаёмая спытала аўтара, ці пра Сталіна ён пісаў. Той адказаў станоўча. Нагавіцы-галіфэ былі адным са знакавых элементаў вобраза савецкага дыктатара.
Напрыканцы 1920-х Дубоўку пачалі шэльмаваць у друку. Ён папрасіў абароны ў аднаго з буйных партыйных чыноўнікаў. Той быў гатовы дапамагчы, але пры ўмове, што паэт пачне пісаць па-руску. Уладзімір адмовіўся. Усё закончылася арыштам у 1930 годзе па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Па ёй праходзілі больш за 100 прадстаўнікоў нацыянальнай эліты, інтэлігенцыі, але насамрэч такой арганізацыі не існавала — справа была сфабрыкаваная спецслужбамі дзеля зачысткі «антысавецкіх элементаў».
Дубоўка адмовіўся падпісваць пастанову аб заключэнні пад варту і абвінавачванне. Падчас следства з яго змаглі выбіць толькі адно невялікае паказанне без ніводнага прозвішча. На жаль, некаторыя іншыя гутарылі са следчымі вельмі актыўна і падпісвалі ўсе паказанні, дзякуючы якім большасць фігурантаў была рэпрэсаваная.
Уладзіміра Дубоўку прыгаварылі да пяцігадовай высылкі з Беларусі ў Сібір, у горад Яранск Кіраўскай вобласці Расіі. Знаходзячыся ў Бутырцы і чакаючы этапу, паэт перакладаў «Шыльёнскага вязня» Байрана.
Спрадвечны дух! Не знаючы акоў,
Зіхціш ты, Воля, найясней з-за крат.
У сэрцах там пачэсны твой пасад,
Там незгасальная к табе любоў.І хоць тваіх зняволілі сыноў,
Забралі ў змрочны, падзямельны лёх, —
З іх мук Айчына йдзе да перамог,
Ты ўзнімеш крылы ў першым ветры зноў.
Цудам у той жа камеры апынуўся крытык Адам Бабарэка, яго сябра па «Узвышшы», які перапісаў той пераклад. Арыгінал Дубоўкі знік, але зробленая копія ацалела. Гімнам беларускім рэпрэсаваным успрымаецца і верш паэта, напісаны ў пачатку 1930-х.
Забраны ў няволю з Забранага Краю,
Узяты за краты з спустошаных хат…
Для нас пачалася часіна ліхая,
Мой родны, мой бедны пакрыўджаны брат.Жыве наш народ, як гарох пры дарозе,
Прасвету не бачыць у гэтым жыцці:
Учора на працы, сягоння ў астрозе,
А заўтра за працу ў выгнанне ісці…<…>
Мы знаем: за волю змагацца нам трэба,
Мы знаем: змаганне наш край не міне!
Ніколі й нідзе Беларусь не загіне,
Ніколі й нідзе Беларусь не памрэ.
Hi ў тундрах, ні ў клятай паўночнай краіне,
Hi ў дзікім прыгоне — маскальскім ярме!
У 1935-м тэрмін высылкі скончыўся, але яе працягнулі на два гады. Уладзімір гэтыя гады правёў у Чэбаксарах і там жа ў 1937-м быў арыштаваны зноў. Пры гэтым забралі другую частку паэмы «І пурпуровых ветразяў узвівы» і пераклад «Чайльд-Гарольда» Байрана. Дзе тыя рукапісы, да сёння невядома. Самога ж Дубоўку на дзесяць гадоў адправілі ў ГУЛАГ. Усе яго кнігі ў беларускіх бібліятэках загадалі знішчыць.
У 1942 годзе Альгерд, 14-гадовы адзіны сын Дубоўкаў, загінуў: гуляючы з дзецьмі, падарваўся на кінутым вайсковым снарадзе.
Калі паэта па сканчэнні новага тэрміну вызвалілі, яму не дазволілі вярнуцца ані ў Беларусь, ані ў звыклую яму Маскву. Дубоўка выбраў Грузію і пасяліўся ў горадзе Зугдзідзі, за 25 км ад мора.
Але доўга пажыць у спакоі і цёплым клімаце не давялося. У 1949-м яго як былога зняволенага (проста на падставе гэтага факта) адправілі на «вечнае пасяленне» ў Сібір — такі лёс тады напаткаў і многіх іншых былых вязняў ГУЛАГу. Дубоўка апынуўся ў пасёлку Почат Краснаярскага краю.
«Калі ты жывеш і ў цябе ёсць нейкія прынцыпы, тваё жыццё складаецца як сюжэт — і ты з яго не можаш саскочыць. Не мог саскочыць, напрыклад, Максім Багдановіч. Купала не мог. Колас мог. <…>. Дубоўка таксама жыццятворца. Калі ты свядомае жыццё жывеш і яшчэ пісьменнік, філолаг, гісторык — гуманітарый, карацей, — ты сябе ўбудоўваеш у логіку сусвету (ясна, што гэтая логіка шмат у чым твая, але асабіста ты думаеш, што гэта логіка сусвету). Тады ты проста апынаешся там, дзе ты мусіш быць. 27 гадоў Дубоўку ў лагеры — гэта (гучыць цынічна ці жорстка) тое, што ён мусіў прайсці, інакш бы не быў Дубоўкам. Што, ён мог быць Глебкам? Ці Кучарам (то бок прыстасавацца і пісаць даносы. — Заўв. рэд.)? Не», — адзначала пісьменніца Ганна Севярынец.
Падчас сваіх зняволенняў і высылак Дубоўка працаваў тынкавальшчыкам, мулярам (каменшчыкам), маляром, сталяром, часам юрысконсультам, эканамістам, бухгалтарам. З 1937-га, калі адабралі рукапісы твораў, паэт больш нічога не пісаў.
5. Змог вярнуцца ў літаратуру праз дзесяцігоддзі
Ніводная зіма не вечная. У 1953 годзе памёр Іосіф Сталін, і масавыя рэпрэсіі адразу спыніліся. Павольны пераход ад таталітарызму да аўтарытарызму дазволіў вязням ГУЛАГу выйсці на свабоду.
У 1958-м Дубоўку цалкам рэабілітавалі. Ён выехаў з пасёлка Почат і вярнуўся ў Мінск, думаючы застацца там на сталае жыхарства. Ім з жонкай паабяцалі кватэру, а да таго пасялялі ў гасцініцы, што месцілася насупраць цяперашняга гатэля «Мінск».
«Акно гэтага пакойчыка выходзіла на двор Пішчалаўскага замку, славутай турмы на вуліцы Валадарскага, і глядзелася якраз на вокны той камеры, дзе тады, у 1930-м, Уладзіміра Дубоўку трымалі і катавалі ледзь не штодзень, дамагаючыся прызнання ў антысавецкай дзейнасці. Пасялілі яго там вядома чаму, каб не забываў… — згадваў крытык Ванкарэм Нікіфаровіч. — Дык вось, жыве ён з жонкай у гэтым пакойчыку месяц, другі, трэці, ніякай кватэры не даюць, Дубоўка ходзіць да начальства, да Броўкі і Глебкі, што кіравалі тады Саюзам пісьменнікаў, але вынікаў няма. Каля дзевяці месяцаў пражылі яны з Марыляй Пятроўнай у гэтай гасцініцы, потым сабраліся і паехалі ў Маскву».
У рэшце рэшт пары далі невялікую кватэру на ўскраіне расійскай сталіцы, дзе яны і пражылі да смерці.
Дубоўка быў не адзіным айчынным літаратарам, які вярнуўся з ГУЛАГу. З яго сяброў па «Узвышшы» пашчасціла Язэпу Пушчы, з іншых пісьменнікаў, арыштаваных па справе «Саюза вызвалення Беларусі», — Міхайле Грамыку і Нічыпару Чарнушэвічу. Хапала і вызваленых творцаў, кінутых за краты ў іншыя хвалі рэпрэсій. Але з усіх іх менавіта Дубоўка быў паэтам першай велічыні, жывым класікам беларускай літаратуры — і прытым вымушана маўчаў больш за два дзесяцігоддзі, не напісаўшы за той час ніводнага радка.
Пасля вызвалення ён апынуўся ў новым свеце: змянілася літаратура, жыццё. Змяніўся і сам Дубоўка. З сабой з высылкі паэт прывёз сталярскі рыштунак. «На магчымае будучае», — адзначаў паэт Рыгор Барадулін. Былы бясстрашны лідар, Дубоўка стаў асцярожным і разважлівым. Не захацеў дзяліцца з паперай акалічнасцямі свайго зняволення, трымаў той досвед у сабе. Паэт баяўся ўключаць у двухтомнік выбраных твораў асобныя вершы, якія ў 1920-я крытыкавалі ў ідэалагічным плане. А калі той двухтомнік выйшаў у свет, аўтар памчаўся ў Мінск, каб праверыць, ці ў парадку рэдактар, бо баяўся, што таго арыштуюць за публікацыю.
Тым не менш Дубоўка пісаў і пісаў шмат: новыя вершы, казкі і аповесці для дзяцей (у аповесці «Жоўтая акацыя» быў зашыфраваны роздум пра лёс «Узвышша»). А яшчэ паэт настойліва імкнуўся вярнуць да чытачоў свае ранейшыя творы, якія заставаліся пад забаронай, і прыдумваў для таго віртуозныя камбінацыі.
«У шасцідзесятых ён апублікаваў у газеце „Голас Радзімы“ артыкул „Да новых даляглядаў“. Артыкул бадзёры і чырвонасцяжны, як і ўсё ў тагачасным друку <…>. Так, прызнаецца паэт, быў час, калі я сумаваў і пісаў зусім упадніцкія рэчы. Вось такія, напрыклад, — і цытуе свой сібірскі, гранічна шчыры, горкі верш пра трагедыю рэпрэсаванага паэта, у якім прызнаецца: „пакрышаны талент і рыфмы“. А потым прыйшлі таварышы — працягвае бадзёрым тонам Дубоўка, — і мы з імі ўсё гэта перарабілі, і цяпер ніякага ўпадніцтва. Скажыце, што гэта, як не перамога паэта, які ўмудрыўся шляхам нескладаных хітрыкаў апублікаваць у цэнтральным друку катэгарычна „непраходны“ верш, ды яшчэ і пасмяяцца з „таварышаў“?» — пісала Ганна Севярынец.
Займаўся Дубоўка і перакладамі. Яго несумненным поспехам стала перастварэнне санетаў Шэкспіра, паэм «Бронзавы век» і «Каін» Байрана. «Я іх (санеты. — Заўв. рэд.) пачаў перакладаць 24 кастрычніка — гэта дзень нараджэння майго нябожчыка-сына. А скончыў 19 снежня — гэта дзень нараджэння бацькі майго. Гэта 56 дзён, але вы ўлічыце, што гэта тры нормы, бо я працаваў па 22 гадзіны, а спаў па 2 гадзіны», — расказваў ён у адным з лістоў.
«Сам выбар тэкстаў для перакладу быў сімвалічным і многае падказваў у стаўленні пісьменніка да рэчаіснасці 1960−70-х гадоў. Асабліва красамоўна гучаў у гэтым кантэксце пераклад 66-га санета Шэкспіра», — адзначала літаратуразнаўца Ірына Багдановіч.
Стамлёны ўсім, я лепш сустрэў бы смерць,
Чым занядбаных бачыць жабраванне,
І здзек пустапарожнасці цярпець,
І найчысцейшай праўды зневажанне,І бачыць пыху ў залатых страях,
І цноту, згвалчаную хіжай сілай,
І для бязглуздасці пачэсны шлях,
І моц, якую немач паланіла,І мастакоў нізкапаклонны зброд,
І недарэк мастацтвазнаўцаў з імі,
І ісціну, якой затулен рот,
І зло, што верхаводзіць над усімі.Стамлёны ўсім, сумую па труне.
Ды як жа друг мой будзе без мяне?
У 1962 годзе Дубоўка атрымаў за кнігу паэзіі «Палеская рапсодыя» прэмію Янкі Купалы — галоўную беларускую літаратурную ўзнагароду таго часу. У гэтым факце, у тым, што аўтар дачакаўся яе, была свая вышэйшая справядлівасць.




